Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што Іран, які ў аўторак вечарам нанёс масіраваны ўдар балістычнымі ракетамі па тэрыторыі Ізраіля, «зрабіў вялікую памылку і заплаціць за яе», піша Руская служба Бі-бі-сі.
— Іран зрабіў вялікую памылку сёння ўвечары — і ён заплаціць за гэта. Рэжым у Іране не разумее нашай рашучасці абараняць сябе і адпомсціць нашым ворагам, — сказаў ён. — Мы будзем прытрымлівацца ўласнага правіла: хто б на нас ні напаў — мы нападзем на яго.
Прадстаўнік Арміі абароны Ізраіля Даніэль Хагары таксама заявіў, што дзеянні Тэгерана будуць мець сур’ёзныя наступствы.
Паводле яго словаў, ізраільскія і амерыканскія сістэмы СПА эфектыўна спрацавалі супраць запушчаных з Ірана ракет.
— Іран <…> падштурхоўвае Блізкі Усход да эскалацыі. Сённяшнія падзеі будуць мець наступствы, — сказаў ён.
— У нас ёсць планы, і мы будзем дзейнічаць у тым месцы і ў той час, у якія вырашым, — дадаў прадстаўнік ЦАХАЛ.
Праз некалькі гадзін пасля іранскага абстрэлу ізраільскія вайскоўцы нанеслі новыя ўдары па аб’ектах «Хезбалы» ў Бейруце.
Перад гэтым Армія абароны Ізраіля папярэдзіла мясцовых жыхароў пра неабходнасць эвакуявацца.
Дарадца прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван назваў удары Ірана «значнай эскалацыяй» і паведаміў, што агулам Тэгеран запусціў блізу 200 балістычных ракет (пазней такую ж лічбу агучыла дзяржаўнае тэлебачанне Ірана).
Саліван адмовіўся каментаваць магчымасць мераў у адказ з боку Ізраіля ці ЗША, але пацвердзіў, што амерыканскія эсмінцы дапамагалі Ізраілю збіваць іранскія ракеты.
Як паведаміў на брыфінгу прадстаўнік Пентагона Пэт Райдэр, у адбіцці атакі ўдзельнічалі два эсмінцы ВМС ЗША, якія знаходзяцца ў Міжземным моры.
Паводле інфармацыі амерыканскага вайсковага ведамства, удары ў аўторак былі «ўдвая маштабнейшыя», чым першая іранская атака на Ізраіль у красавіку гэтага года.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Вашынгтон цалкам падтрымлівае Ізраіль.
Паводле Байдэна, на яго прамое ўказанне амерыканскія вайскоўцы «актыўна падтрымлівалі абарону Ізраіля» падчас удару.
Ён таксама дадаў, што іранская атака была адбітая і аказалася неэфектыўнай.
Віцэ-прэзідэнтка і кандыдатка ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі на блізкіх выбарах Камала Харыс заявіла, што назірала за атакай у рэальным часе з Белага дома разам з Байдэнам.
Яна сказала, што цалкам падтрымала рашэнне Байдэна аддаць загад амерыканскім караблям збіваць ракеты, нацэленыя на Ізраіль.
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін напісаў у ноч на сераду ў сацсетцы X, што Вашынгтон па-ранейшаму прыхільны дасягненню дыпламатычнага ўрэгулявання, але пры гэтым гатовы абараняць Ізраіль ад іранскай агрэсіі ў выпадку неабходнасці.
Што кажуць улады Ірана
Іранскія ўлады сцвярджаюць, што наносілі ўдары толькі па вайсковых аб’ектах у Ізраілі і не хочуць поўнамаштабнай вайны, аднак гатовыя адстойваць права на самаабарону.
Раней у Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі заяўлялі, што ўдары па Ізраілі сталі адказам на забойства ў Тэгеране лідара ХАМАС Ісмаіла Ханіі, а таксама на смерць лідара «Хезбалы» Хасана Насралы ў выніку ўдару па Бейруце ў мінулую суботу.
У КВІР папярэдзілі, што ў выпадку дзеянняў у адказ Ізраіль «сутыкнецца з яшчэ больш зруйнавальнымі атакамі».
Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян напісаў у сацсетцы X, што мэтай удару было паказаць Ізраілю, што Іран гатовы абараняць свае інтарэсы і сваіх грамадзян.
Паводле яго, у аўторак Іран паказаў толькі частку сваіх магчымасцяў, таксама ён перасцярог ізраільскія ўлады ад далейшай эскалацыі.
Позна ўвечары ў аўторак кіраўнік МЗС Ірана Абас Аракчы напісаў у сацсетцы X, што іранская аперацыя завершаная, і заявіў, што ў выпадку дзеянняў у адказ з боку Ізраіля рэакцыя Тэгерана будзе «мацнейшай і магутнейшай».