У Беларусі хочуць увесці змены па пенсіях вайскоўцаў і іх сем’яў. Гаворка пра выпадкі, калі яны выязджаюць на ПМЖ у іншыя краіны, з якімі раней былі заключаныя пагадненні пра сацзабяспечанне, а потым — разарваныя. Адпаведны законапраект з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Чаму хочуць зрабіць новаўвядзенні і пры чым тут Украіна і Расія
Чыноўнікі хочуць унесці змяненні ў закон, які датычыць пенсій вайскоўцаў. У снежні 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога Беларусь выйшла з трох міжнародных пенсійных дамоваў у межах СНД.
У Мінабароны Беларусі тады адзначылі, што 99% выпадкаў прызначэння пенсій па міжнародных дамовах прыпадала на вайскоўцаў, якія прыбылі з Расіі і Украіны. У ведамстве таксама адзначалі, што дзеянне пагаднення пра пенсійнае забяспечанне і дзяржстрахаванне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў ва Украіне спынілі з 23 верасня 2023 года. «Што да пагадненняў па пенсійным забяспечанні вайскоўцаў, то іх дзеянне спыняецца ва Украіне з 5 студзеня 2024 года, а ў Расійскай Федэрацыі — з 20 красавіка 2024-га. Расійская Федэрацыя таксама знаходзіцца на стадыі выхаду з пагаднення, што датычыць пенсійнага забяспечання супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», — тлумачылі ў сілавым ведамстве.
Што цяпер хочуць змяніць
Адно са змяненняў — выплата пенсій вайскоўцам пры іх выездзе з Беларусі на ПМЖ у краіны, з якімі ў нас былі заключаныя пра сацзабяспечанне, а потым — разарваныя. Яны будуць атрымліваць гэтыя выплаты ў нашай краіне. Ураду яшчэ трэба будзе вызначыць, паводле якой схемы гэта будзе адбывацца.
Яшчэ адно з магчымых новаўвядзенняў, якое збіраюцца зрабіць чыноўнікі, датычыць вайскоўцаў з краін былога СССР, якія захочуць пераехаць на ПМЖ у Беларусь, але пры гэтым у нас не заключаныя з гэтымі дзяржавамі дамовы пра сацстрахаванне. Так, тыя вайскоўцы, якія атрымаюць від на жыхарства ў Беларусі (пашпарт ці некаторыя іншыя дакументы), змогуць прэтэндаваць на пенсію ў нашай краіне. Выключэнне — тыя, хто праходзіў вайсковую службу ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года, то-бок пасля нападу Расіі на гэтую краіну.
Чытайце таксама