У Кыргызстане з 5 верасня змяняецца парадак рэгістрацыі грамадзян краін з бязвізавым рэжымам, гэта датычыць і Беларусі. Цяпер зарэгістравацца будзе можна толькі на падставе ВНЖ ці аднаго з пасведчанняў, паведамілі ў Міністэрстве лічбавага развіцця краіны.

Раней грамадзяне бязвізавых краін, у тым ліку Беларусі, маглі зарэгістравацца ў Кыргызстане на тэрмін 6 месяцаў з правам далейшага падаўжэння ў залежнасці ад мэты знаходжання. З 5 верасня рэгістрацыя альбо яе падаўжэнне магчымае толькі на падставе віду на жыхарства, пасведчання асобы без грамадзянства, пасведчання «Кайрылман» (этнічныя кыргызы) або пасведчання «Мекен-карт» (замежнікі, якія раней мелі грамадзянства Кыргызстана).
«Такім чынам, грамадзяне дзяржаваў — чальцоў ЕАЭС (Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія) без афармлення дакументаў могуць знаходзіцца сумарна да 90 дзён цягам кожнага 180-дзённага перыяду з моманту ўезду ў краіну», — паведамілі ў ведамстве.
Па заканчэнні гэтага тэрміну беларусы, якія не прайшлі рэгістрацыю, будуць абавязаныя выехаць за межы Кыргызстана і змогуць заехаць паўторна праз 90 каляндарных дзён.
Калі замежнікі з бязвізавых краін знаходзяцца на тэрыторыі Кыргызстана з прыватнымі мэтамі, для іх прадугледжаныя афармленне часовага віду на жыхарства, які выдаецца цягам 15 дзён з тэрмінам дзеяння на год з наступным штогадовым падаўжэннем, але не больш чым на 5 гадоў.
Нагадаем, раней у Кыргызстане адмянілі для замежнікаў, у тым ліку для беларусаў, «візаран» — то-бок здзяйсненне кароткачасовай паездкі за межы краіны і назад з мэтай «перазапусціць гадзіннік» дазволенага тэрміну знаходжання ў дзяржаве.
Кыргызстан разам з Беларуссю ўваходзіць у СНД, АКДБ і ЕАЭС.