Паводле словаў знаёмага Сцяпана Латыпава, у 43-гадовага палітвязня ў калоніі развілася цынга. Гэта захворванне, якое ўзнікае праз дэфіцыт вітаміну С. У сучасным свеце яно сустракаецца вельмі рэдка. Часцей за ўсё цынга асацыюецца з маракамі Сярэднявечча і канцлагерамі часоў Другой сусветнай вайны. Як часта на цынгу хварэюць беларускія зняволеныя? Якія могуць быць наступствы ў хворых і як ад цынгі лечаць за кратамі? Спыталі пра гэта былога начальніка медслужбы ДВП МУС Васіля Завадскага.

Перш за ўсё Завадскі падкрэслівае: сапраўды, слова «цынга» ў ХХІ стагоддзі чуць дзіўна, але пры гэтым недахоп вітаміну С — усё яшчэ досыць распаўсюджаная з’ява. Проста сам дыягназ гучыць вельмі рэдка.
— У гэтым выпадку я, шчыра кажучы, сумняюся, што медыкі паставілі такі дыягназ. Не таму, што недахопу вітаміну С у Сцяпана ці кагосьці іншага няма, а таму, што я працаваў амаль чвэрць стагоддзя ў гэтай сферы і не памятаю такіх выпадкаў, — расказвае ён. — Пры гэтым харчаванне было яшчэ горшае, чым цяпер. Фармальна цяпер набор прадуктаў палепшыўся. Але ў рацыёне зняволеных нормы прадугледжваюць вельмі мала свежай гародніны і садавіны. Бо, па-першае, яе складана захоўваць, а па-другое, ёсць аргумент, што гэта даволі дорага. Таму, на маю думку, недахоп вітамінаў у харчаванні існуе. І тут рэч не ў адной аскарбінавай кіслаце, ёсць праблемы з рознымі элементамі. У тым ліку з вітамінам D, асабліва ў СІЗА, бо там недахоп асвятлення, руху.
У такіх умовах зняволеныя могуць «даатрымаць» вітаміны з пасылак, а яшчэ — купляючы гародніну і садавіну ў «атаварцы» калоніі. Суразмоўца адзначае, што з той жа мэтай асуджаным перыядычна дазваляюць дадатковую перадачу са свежай гароднінай і садавіной. Але палітвязні аказваюцца ў іншай сітуацыі — і адсюль праблемы.
— Мы чуем, што пазбаўляюць зняволеных, асабліва палітычных, перадач і пасылак, права на закуп прадуктаў. Таксама людзей змяшчаюць у штрафныя ізалятары, дзе яны нічога не могуць набыць, — апісвае сітуацыю медык. — Не магу казаць канкрэтна пра Сцяпана, але ўвогуле ў такіх умовах, вядома, можна развівацца недахоп аскарбінавай кіслаты ў арганізме, то-бок цынга. Яна мае тры стадыі, ад лёгкіх да цяжкіх праяваў. Першае, што можна заўважыць, — гэта крывацёк дзяснаў. Таксама вельмі лёгка з’яўляюцца сінякі, нават проста пасля націскання на скуру, неабавязкова біць. Усё гэта сведчыць пра недахоп вітаміну С. У цяжэйшых сітуацыях адбываецца кровазліццё ва ўнутраныя органы, суставы — чалавек сам заўважыць гэта не можа, бо вонкава гэта невідавочна. Але гэта ўжо праблемы з рухам. У найбольш цяжкіх выпадках могуць быць кантрактуры суставаў (абмежаванне амплітуды пасіўных рухаў у суставе, якое выклікае атрафію цягліц. — Заўв. рэд.). Таксама могуць вывальвацца зубы, проста без болю: бярэш рукой і дастаеш.
Але ставіць дыягназ, падкрэслівае Васіль Завадскі, можна толькі пасля правядзення лабараторных аналізаў. Да таго ж сітуацыю можа ўскладняць асаблівасць кішачніка, калі з розных прычын парушаная функцыя ўсмоктвання аскарбінавай кіслаты. І тады прычына цынгі будзе не толькі ў праблемах харчавання, але і ў асаблівасцях арганізма.
— Акрамя пэўных праяваў, дэфіцыт вітаміна С пагражае яшчэ тым, што робіць чалавека больш уразлівым да іншых хваробаў, спрыяе зніжэнню імунітэту. І могуць чапляцца дадатковыя хваробы. Таксама гэта ламанне сасудаў, унутраныя крывацёкі. Хай сабе нязначныя, бо гаворка ідзе пра капіляры, але здароўю яны не спрыяюць, — кажа ён.
Лячэнне цынгі, калі яна не перайшла ў другую ці трэцюю стадыю, даволі простае, кажа Васіль. Гэта змена дыеты і прыём вітаміну С, які падчас працы доктара ў медчастках калоній быў у дастатковай колькасці. Калі ж сітуацыя запушчаная, дзейнічаць давядзецца інакш. Але, як падкрэслівае суразмоўца, пры ўсіх умовах калоній другая або трэцяя стадыя цынгі здаюцца яму вельмі малаімавернымі варыянтамі развіцця падзей.
Чытайце таксама